ЗЕ́МСКІ ЎЧАСТКО́ВЫ НАЧА́ЛЬНІК,
адм.-судовая службовая асоба ў рас. вёсцы ў 1889—1917. Паводле закону ад 12.7.1889, які пашыраўся на рус. і часткова на ўкр. губерні, З.ў.н. вылучаўся з патомных дваран, што мелі нерухомую ўласнасць. Паводле закону ад 12.6.1900 пасада ўведзена таксама ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай, з 1904 — у Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губернях. У руках З.ў.н. была сканцэнтравана адм. ўлада над органамі сял. грамадскага кіравання, пазней да яго перайшлі і функцыі міравых суддзяў; саслоўныя ж правы сялян былі яшчэ больш абмежаваны, адм.-паліцэйскае самавольства і прыгнёт над імі ўзмацніліся.
В.П.Панюціч.
т. 7, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)